"Вечар" і "МАЙ ХОМЛЭНД" – знакавыя для ЦБД праекты, якія за сваю яшчэ кароткую сцэнічную гісторыю ўжо паспелі пабываць у Кітаі. У гэтым тэксце рэдактар ЦБД Яўгенія Бачыла разважае пра адценні нацыянальнай тэматыкі ў двух такіх розных, але ў той жа час падобных спектаклях. Каб іх асэнсаваць, а таксама знайсці сувязь паміж класічнай гісторыяй пра вясковых жыхароў і эксперыментальным праектам з элементамі постіроніі, запрашаем вас 31 жніўня на "Вечар" і 2 верасня на "МАЙ ХОМЛЭНД" у рамках Тыдня сучаснай беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя".
Што такое любоў да "свайго" месца? І ў прынцыпе, што такое "сваё месца"? Тое, дзе ты нарадзіўся? Вырас? Краіна, горад ці вёска, адкуль выйшлі бацькі, родныя? Кожны чалавек адкажа на падобныя пытанні па-рознаму, і нават, магчыма, адказы будуць супрацьлеглымі. Ці значыць гэта, што нейкія з іх з'яўляюцца няправільнымі? Пра гэта дазваляюць паразважаць праекты РТБД і ЦБД "Вечар" і "МАЙ ХОМЛЭНД" – работы, якія абсалютна адрозніваюцца па сваёй эстэтыцы, матэрыялу і інтанацыі работы. Але ў іх прадстаўлены разважанні аб адным – пра прыхільнасць да свайго дому і пра тыя праявы, якія яна можа набываць. Здаецца, у адрозненні паміж гэтымі пастаноўкамі крыецца і сама спецыфіка любові чалавека да сваёй радзімы: яна здольная гучаць рознымі галасамі. І дзякуючы праектам РТБД і ЦБД сіла нацыянальнай тэматыкі становіцца яшчэ больш прыкметнай і выразнай.
"Вечар" – спектакль-споведзь. У трох мілых старых, якія часцяком высвятляюць адносіны, зашыфраваны вобразы людзей, выгадаваных зямлёй, на якой яны пражылі ўсё жыццё. У паказаных тут героях схаваны розныя архетыпы беларусаў: мудры, схільны да філасофіі Васіль, кранальная Ганна, якая ўвесь час верыць у лепшае, задзірлівы Мікіта (ён жа Гастрыт). Да гэтага героя можна ставіцца па-рознаму, але дакладна адно: пачуццё віны сядзіць у ім так глыбока, што яму лягчэй насіць маску шкодніка і буркуна, чым проста быць сабой. Усе гэтыя асобы – увасабленне асноўных рыс, якія ў сваім сінтэзе маглі б ператварыцца ў адну маштабную рысу беларуса – пачуццёвасць. Пачуццёвасць, якая выяўляецца ў адносінах да сваёй хаты, да вёскі, да сонца, да дзяцей, да ўласнага мінулага.
Драматург Аляксей Дудараў стварыў п’есу, у якой можна выдзяляць розныя тэмы, факусіравацца на адной з іх, аднак сам антураж беларускай вёскі ідзе далей стандартных прапанаваных абставін, дзякуючы чаму нараджаецца разважанне пра тое, якімі могуць станавіцца людзі пад уплывам уводнага матэрыялу. Але характары стварае не толькі менталітэт: Васіль, Ганна, Гастрыт свядома працягваюць жыць у вёсцы, у Беларусі, паколькі шчыра любяць тое, што было ім дадзена ад нараджэння. Здаецца, менавіта таму яны нікуды не з'ехалі, хоць пры жаданні маглі б гэта зрабіць.
У спектаклі РТБД і ЦБД злучаны традыцыйнасць і сучаснасць: даследаванне пра ўзаемаадносіны паміж апошнімі жыхарамі некалькіх беларускіх вёсак набывае сакральнасць з дапамогай умоўных, метафарычных і тэхнічных сродкаў. Лінія любові да роднага месца атрымлівае вялікую філасофічнасць і вобразнасць дзякуючы мастацкаму рашэнню. У прасторы спектакля, напрыклад, з'яўляюцца "Галасы" – дзяўчыны ў чорнай адзежы, якія зачытваюць рэмаркі з п'есы. Але яны тут не проста расказчыкі. Яны – духі і мінулага, і сучаснага, і будучага адначасова, а разам з тым –духі самога месца, якое звязала Ганну, Васіля і Гастрыта.
Музыка, якую ствараюць дзяўчыны з дапамогай ланцугоў, вёдраў, вады, канчаткова падкрэслівае, як адсунута жыццё старых ад навакольнага свету. Еёсць тут і "Вочы" – камера, якая ў рэжыме рэальнага часу праецыруе малюнак са сцэны на экран. Яна ўзмацняе магічныя інтанацыі, дазваляючы гледачам з некалькіх бакоў разгледзець паказваную на сцэне гісторыю. Дзякуючы гэтаму паўбытовая п'еса становіцца шматграннай споведдзю пра жыццё незвычайных людзей – менавіта такімі іх робіць роднае месца і любоў да яго.
І калі героі "Вечара" ўсведамляюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і ведаюць яе, што дазволіла ўвасобіць нацыянальную тэматыку не акцэнтуючы на ёй прамой увагі, то Гена са спектакля "МАЙ ХОМЛЭНД" доўгі час жыў у абсалютна іншай парадыгме – гэта праўляецца ў эстэтыцы самога спектакля. І калі ў адносінах да тэмы патрыятызму пастаноўка па п'есе Аляксея Дударава ўспрымаецца як споведзь, то эксперыментальны праект пра сантэхніка Гену з Ракава – гэта своеасаблівы праект-адкрыццё.
У жыцці звычайнага чалавека, які існуе па схеме "з дому да працы, з працы да дому", часцяком усё ясна і зразумела. Так і ў Гены – штораніцы ён едзе з Ракава ў Азярцо, выконвае абавязкі сантэхніка, а потым вяртаецца назад. З пункту гледжання лагістыкі – складана і фізічна не проста, але з пункту гледжання сэнсу – усё дакладна і звыкла. Аднак у гэтай штодзённасці шмат жыцця: сустрэчы з калегамі на курыльні, флірт з дзяўчатамі з бухгалтэрыі, трубы, якія ўвесь час трэба рамантаваць, непаладкі ў лазні, наведвальніцы, якія жартам спрабуюць спакусіць Гену. А яшчэ сюды ўваходзіць саломапляценне – хобі, якое трохі выбіваецца з усяго спісу. Тым не менш, у жыцці героя ўсё стандартна, як і ў жыцці многіх з нас. І калі з ім адбываюцца незвычайныя падзеі, якія яго шакіруюць, звыклая парадыгма Гены ломіцца, пачынаецца хаос і пераасэнсаванне ўсяго, што суправаджала яго на працягу апошніх гадоў.
Сістэма існавання гэтага маладога мужчыны заўсёды была насычана зразумелымі для яго сітуацыямі, а нечаканае запрашэнне ў Лондан у рамках конкурсу народных рамёстваў робіць яе яшчэ больш насычанай, але ўжо не такой зразумелай. Таму сама форма пастаноўкі і ўяўляе сабою складаны аповед, напоўнены самымі рознымі адценнямі. Гена, які заблытаўся ў падзеях свайго жыцця, якое перастае быць ясным і простым, спрабуе разабрацца з клубком пачуццяў, выкліканым навіной пра запрашэнне ў Англію. І дзяўчыны-апавядальніцы, якія на працягу ўсяго дзеяння пераўвасабляюцца ў розных людзей з рэальнасці сантэхніка, сваёй сілай і напорам не проста ўцягваюць гледача ў яго гісторыю, а даюць зразумець, што і іншыя людзі могуць адкрыць у ёй для сябе штосьці важнае, патрэбнае, знаёмае.
Адметнай асаблівасцю гэтага спектакля з'яўляецца постіронія. Менавіта яна дазваляе раскрыць усю шырату адчуванняў Гены ў адносінах да свайго дому: тое, што нам здаецца смешным, нязграбным, дзіўным, інтэгравана тут усвядомлена, паколькі менавіта ў такіх рэчах акумулюецца вялікая любоў да свайго месца. Гэты ж прыём дазваляе паказаць, што чалавечыя пачуцці шматгранны: жыццё Гены можа здавацца шэрым, нецікавым, аднак калі паглядзець на яго з іншага ракурсу, яно становіцца настолькі насычаным і цікавым, што лепшага і жадаць не трэба. Менавіта так і тлумачыцца нежаданне Гены ісці на шпацыр па Лондане – гэта аб'ектыўна цікава, але яму цікава тое жыццё, прыгажосць каторага схавана, не адразу зразумелая. Знакам гэтай утоенай прывабнасці жыцця сантэхніка з Ракава з'яўляюцца песні Аляксандра Саладухі, якія сталі чымсьці накшталт культурнага кода – да іх можна ставіцца па-рознаму, аднак напяваючы іх, разумееш, што яны аб'ядноўваюць усіх нас, ператвараюць жыццё ў кадр з фільма, дзе ў нібы сур'ёзным утоена шмат смешнага, каларытнага і вельмі дарагога твайму сэрцу.
"МАЙ ХОМЛЭНД" – спектакль, які злучае ў сабе мастацтва з будзённасцю, лірычныя песні з аповедамі пра каналізацыю, памяранцавыя працоўныя каскі з футрамі, кадры арыстакратычнага Лондану з арабскім светам. Падобнае злучэнне і добрая іронія над гэтымі і іншымі "кропкамі" жыцця Гены не проста дазваляюць паказаць сутнасць ва ўсіх яе адценнях, але і асэнсаваць іх каштоўнасць, неабходнасць для чалавека. Уся важнасць такіх дэталяў, дзякуючы паездцы ў Лондан, адкрылася для Гены з новага боку, пра які ён ніколі і не задумваўся. Штосьці стандартнае становіцца для героя прыгажосцю сусветнага маштабу.
Ведаць нешта як тэорыю і адчуць гэта ж на практыцы – розныя рэчы. Вядома, Гена заўсёды любіў сваё беларускае жыццё, што адчуваецца яшчэ ў першай частцы спектакля, да таго, як стала вядома пра паездку на конкурс народных рамёстваў. Але пасля лонданскіх прыгод ён не проста стаў больш любіць сваё "роднае". Зараз ён ведае пра гэту любоў, пра яе сілу, што адкрывае герою новыя грані самога сябе. Цяпер малады мужчына разумее, што з'яўляецца сантэхнікам з Беларусі, які ні на што не прамяняе ні родныя краі, ні сваю жыллёва-эксплутацыйную службу, ні свой мілы Ракаў, ні магчымасць слухаць і напяваць песні Аляксандра Саладухі. І не прамяняе іх не з-за пафаснага жадання выглядаць сапраўдным патрыётам, а з-за таго, што на сваім досведзе адчуў прыхільнасць да роднага месца, якое, насамрэч, важней за ўсё іншае.
Нежаданне Гены пазнаваць іншае, незнаёмае, у нейкім сэнсе і закрывае яго ад свету, новых ведаў і адкрыццяў. Магчыма, у гэтым ёсць нешта сумнае: усвядоміўшы сілу сваёй любві да роднага месца, герой зразумеў, што акрамя роднай ЖКГ яму больш нічога не трэба. Але, здаецца, нежаданне "ісці наперад" выклікала б вялікі сум, калі б у гісторыі быў паказаны зусім іншы кантэкст – калі б патрапіўшы ў Лондан, Гена ўбачыў яго не шэрым, размытым малюнкам, а сумессю самых іскравых пачуццяў, і эмоцый. Але ў гэтай гісторыі ўсё наадварот: прыемнымі, светлымі адценнямі "афарбавана" родная Беларусь, думкі і ўспаміны пра яе, напяванне родных сэрцу музычных кампазіцый, якімі б яны ні былі. Усведамленне сваёй прыналежнасці – гэта тое самае развіццё, у якім меў патрэбу гэты чалавек. Для Гены яно складаецца не ў вандроўках і даследаванні новага, а ў зразуменні любві да свайго месца, і зараз гэта пачуццё будзе толькі пашырацца, умацоўвацца, атрымоўваць новыя праявы. Вось яно – унутранае развіццё сантэхніка з Ракава.
Паказваючы з розных бакоў нацыянальную тэматыку, лінію любві да свайго дому, у гэтых двух работах выкарыстоўваюцца самыя розныя інтанацыі – ад меладраматычнай да постіранічнай, і ўсе яны здольныя аднолькава глыбока і прыгожа агаліць пачуцці людзей у адносінах да свайго роднага краю. У сутнасці, творы "Вечар" і "МАЙ ХОМЛЭНД" паказваюць два абсалютна розных этапа ў жыцці чалавека, беларуса. У спектаклі па Аляксею Дудараву "гучаць" веды людзей пра тое, хто яны такія. Яны могуць маўчаць пра ўласную ідэнтыфікацыю, аднак дзеянні, учынкі, словы герояў ужо захоўваюць у сабе след іх "усвядомленай ментальнасці". Акуратнасць, утоеная нацыянальная тэма ўвасоблена і ва ўмоўна-сімвалічным рашэнні. На знешнім узроўні мы бачым толькі ўзаемаадносіны старых, якія перасоўваюць плоскія постаці хат, дрэў, печы, аднак асновай усяго гэтага з'яўляецца самавызначэнне паказаных асоб. Гісторыя ж пра сантэхніка Гену паказвае сам шлях да гэтай самасвядомасці. Ён можа суправаджацца ўнутранымі пераваротамі, якія нараджаюць лёгкі хаос – гэта чытаецца і ў мастацкім рашэнні пастаноўкі, у гукавой, і візуальнай эклектыкі. Гена адкрывае для сябе тое, што цалкам ламае яго штодзённы ўклад, з-за чаго звыклыя яму рэчы становяцца галоўным багаццем.
Тэкст-разважанне да Тыдня беларускай драматургіі
РТБД/ЦБД 5 сентября, 19:00