test

Інтэрв’ю з удзельнікамі ХIII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі: Кірыл Ерохін, Лізавета Машковіч

Новае інтэрв'ю з удзельнікамі вераснёўскай драматургічнай лабараторыі!

Кірыл Ерохін – Лізавета Машковіч

 

Пра п'есу

Папярэдняя назва– «Приход».

Гоша разам са старэйшым братам Андрэем і яго жонкай жывуць у старой кватэры. Яны даглядаюць сваю старую маці, якая верыць ў Бога. Сябра Гошы прапануе яму выступіць ноччу ў падпольным паядынку за грошы. У выніку баі без правілаў становяцца часткай жыцця героя, цалкам яе мяняючы. У хлопца з'яўляюцца грошы на лекі для маці, спадзяванне на каханне, прыходзіць усведамленне прыхільнасць да дому ( літаральна ва ўсіх значэннях) і сувязь з нейкай сілай з таго свету...

Міні-інтэрв'ю з аўтарамі

Якія самыя галоўныя ўспаміны ад лабараторыі?

Кірыл. Самы моцны ўспамін – прэзентацыя нашага эскізу. Мы рабілі паказ ў трактары, я павінен быў спусціцца з яго праз некалькі хвілін пасля пачатку чытання. Мне стала неспакойна, таму што я даўно не выступаў. Пачалася паніка. Я адкінуў «сідушку», убачыў рэшткі малака, якое мы выкарыстоўвалі для паказу і вырашыў запіць ім стрэс. Пачынаю піць і... праліваю малако... А мне трэба ўжо зараз выходзіць. Тут жа Ліза чытае тэкст: «Проливает молоко». І да мяне даходзіць, што ўсё ўжо наканавана, усё напісана. Усё ўжо адбываецца. Хваляванне адразу знікла. Мабыць гэта былі «другія вароты драматургіі». Цалкам, была нейкая магія на гэтай лабараторыі. Калі я ўбачыў усе пары, падумалася, што сам бы ніколі не злучыў бы гэтых людзей, але гэта было зроблена абсалютна правільна.

Лізавета. Так, усе добра размеркаваліся. Я адразу падумала, што ўсё так як трэба. І яшчэ раз упэўнілася: самыя дакладныя ідэі, дуэты з'яўляюцца, калі гэта адбываецца знянацку. Калі не думаеш, не рассусольваеш. Першае, самае раптоўнае рашэнне становіцца самым дакладным. Увогуле, гэта нечаканае злучэнне розных людзей стала для мяне галоўнай падзеяй тых пяці дзён. Асабліва, калі з першага погляду ты не да канца разумееш чалавека, таму ты не разглядаеш яго у якасці напарніка. А затым, пасля раздзялення на каманды, вы пачынаеце гаварыць, і адкрываецца свет гэтага, быццам бы не зусім блізкага табе чалавека! Мы адразу пайшлі размаўляць, і падчас шпацыру я адчула нейкае галавакружэнне... Я слухала Кірыла і думала: «Нічога сабе! Якія ў яго думкі!». Гэта было дзіўна! Таму самы яркі ўспамін – наша работа, адсутнасць загнанасці.

Ліза, ты кажаш, што да пачатку работы не магла ўявіць сябе ў пары з Кірылам. Як у выніку вы «знайшліся»? Гэта было добраахвотнае жаданне выйсці з зоны камфорту альбо вам дапамог куратар?

Лізавета. Гэта не першая мая лабараторыя. Мінулы раз я запісвала сны, і мой будучы напарнік зацікавіўся гэтым. У выніку, сны і сталі грунтоўнай часткай той гісторыі. І вось зараз Кірыл пачынае разважаць пра... сны. Я зразумела, што гэтая тэма мяне не адпускае. Да гэтага часу не закрыты гельштальт, атрымоўваецца! Ужо тады падумала: «Ну ўсё, гэта мой чалавек» (смяецца).

Кірыл. Яраслава дапамагла нам. Мы з ёй у размове вызначылі, дакладней, яна чуйна адчула, пра што мне трэба пісаць. І тут Ліза гаворыць пра «грані маралі», якімі яна зацікаўлена... Мы з Яраславай глядзім адно на аднаго... разумеем: ВОСЬ ЯНО!

А што «нарадзілася» раней: задума ці ваш тандэм?

Кірыл.Першапачаткова былі толькі Гоша і міфы, якія існавалі на ўзроўні падтэкстаў... Больш нічога не было.

Як жа за пяць дзён атрымалася прыйсці к дастаткова прапрацаванай гісторыі?

Кірыл.У адзін з першых дзён Ліза на нейкі час ад'язджала і мне трэба было самастойна акрэсліць фабулу. Ну я і пайшоў шукаць гісторыю. Хадзіў гадзіны тры, сеў у адно месца – не пайшло. У другое – таксама, але пры гэтым адчуў , што мазгі пачынаюць паціху варушыцца. Пачаў набіраць тэкст у нататніку, а потым раз – ён выдаляецца. Зноўку стаў пісаць. Дзіўна, але я быў у дзэне, мяне не засмуцілі гэтыя моманты! Магчыма, гэта магія чатырохразовага харчавання... А потым сеў на лаву. І з'явілася гісторыя.

Лізавета. Мне дапамагала тое, што Кірыл усё прайграваў. Гоша сядзеў у ім. Я слухала яго, а ў галаве было: «Давай, давай, нагаворвай, я табе зараз паленцаў падкіну... Ага, а вось зараз вырульваем на нейкую падзею, выпадак...» Пасля – бац! Кірыл «вярнуўся»: «Так, а зараз гісторыя! Быў у мяне сябра...». Я думаю: «Ладна, расказвай»… Час ідзе, у нас асталося хвілін 40... Гэта было смешна і вельмі карысна насам рэч! Яго гісторыі ахаплялі мяне, нашы зносіны, сам працэс.

Кірыл.Я пагрузіўся ў свет п'есы. Нейкія захапленні Гошы зараз сталі маімі захапленнямі...

Аб чым п'еса «Приход»?

Кірыл.Пра любоў, якой нам усім не хапае. Яе дэфіцыт нараджае разбурэнне.

Лізавета.Пра пастаянную барацьбу ў пошуках самога сябе. П'еса сутыкае не толькі з бытам галоўнага героя, але і з незямной энергіяй. Мы расказваем пра пошук чалавека ў рамках другога свету і быту.

У чым незвычайнасць выязной лабараторыі?

Лізавета. Паесці можна…чатыры разы на дзень! (смяецца). А калі сур'ёзна – я абажаю такога кшталту фарматы! Ты забываешся на ўсё. Добраахвотна аддаеш сябе творчасці, якім, у сутнасці, і сілкуешся. Цябе запаўняе прырода, людзі. А яшчэ, ты быццам трапляеш у тыя часы, калі людзі выязджалі ў фальваркі, каб злучыць адпачынак з творчасцю. Але, ты так уцягваешся ў працэс, што не заўважаеш, калі пачынаеш садзіцца на эмоцыю. Вяртаешся ў трывожны рэжым, спрабуючы зрабіць як мага больш. Але гэта бясцэнны досвед.

Кірыл. Гэта вельмі добры фармат. За пяць дзён ты праводзіш вялікую работу, знянацку знаходзячы ў самім сябе неверагодную энергію, якая падсілкоўвае цябе на месяц наперад. Выдатная структура, лагістыка, харчаванне. Усё вельмі сбалансавана і гэта дазваляе табе знайсці унутраны спакой, ажно да таго, што ў мяне, напрыклад, выраўняўся рэжым... Шчыра кажучы, я, мабыць, хацеў бы заўсёды так жыць. Сама атмасфера, спецыфіка фармату, якая мае на ўвазе даверлівыя зносіны з людзьмі высокага ўзроўню культуры, уздзейнічаюць вельмі тэрапеўтычна. Яны даюць раптоўную магчымасць быць зразумелым і пачутым. Таму што пачуццё нерэалізаванасці ў рэальным свеце часам прыгнятае цябе, а на лабараторыі ты можаш у творчай форме падзяліцца сваімі ідэямі, думкамі, перажываннямі. У выніку будзеш прыняты і пачуты, ды яшчэ з вялікай цікавасцю, увагай, гумарам. Хоп – і ты ўжо рэалізаваны у мікрамаштабе гэтых пяці дзён.

03.11.2023 г.
Конкурс п’ес, прысвечаных 80-годдзю Перамогі

Міністэрства культуры/Саюз пісьменнікаў Беларусі/РТБД

Тэатралізаванае чытанне ўрыўкай з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»

РТБД/ЦБД/Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа 11 красавіка