test

Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя"

РТБД/ЦБД 31 жніўня — 5 верасня 

З 31 жніўня па 5 верасня 2026 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі правядуць Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя". На працягу Тыдня гледачоў чакаюць спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні і лекцыя.

Адкрывае Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі спектакль "Вечар" па п’есе заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксея Дударава. Лірычная гісторыя пра старых Васіля, Ганну і Гастрыта застаецца актуальнай і ў нашыя часы, як і разважанні аб роднай зямлі, любові і пераемнасці пакаленняў.

Роздумы пра чалавека і радзіму можна знайсці ў яшчэ адным спектаклі Тыдня – эксперыментальным праекце "МАЙ ХОМЛЭНД". Гісторыя пра сантэхніка Гену становіцца аповедам пра сваё месца, якое шукае кожны. Дарэчы, спектаклі  "Вечар" і "МАЙ ХОМЛЭНД" летась прынялі ўдзел у маштабных гастролях тэатра ў г. Шанхай у межах фестывалю "Autumn Is" і Кітайскага Шанхайскага міжнароднага фестывалю мастацтваў.

 Нядаўнюю прэм’еру тэатра – спектакль "Хам" па аповесці Элізы Ажэшка, якая двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію, – таксама можна ўбачыць у рамках Тыдня. Гісторыя пра жыццё сялян Нёманскага краю набывае сапраўдны трагічны маштаб, а спектакль пераносіць літаратурных герояў у прастору па-за часам, акцэнтуючы ўвагу не на гістарычных ці сацыяльных падзеях, а на чалавечых узаемаадносінах і перажываннях.

Перад спектаклем "Хам" пройдзе лекцыя "Беларуская драматургія ХХ стагоддзя і Эліза Ажэшка", падчас якой кіраўнік ЦБД Анастасія Васілевіч і рэдактар ЦБД Яўгенія Бачыла распавядуць аб асаблівасцях твора.

Акрамя спектакляў адбудуцца сцэнічныя чытанні, якія дазволяць аматарам тэатра пазнаёміцца з новымі, актуальнымі для розных узростаў п’есамі. Са сцэны прагучаць "Ма-Сін-Сін" Улады Альхоўскай, "Чаму гэта важна" Юліі Млевы і "Самсон за дзвярыма" Аляксандра Савухі. "Ма-Сін-Сін" Улады Альхоўскай – гісторыя пра і для падлеткаў, у якой праз аповед аб юнацкай штодзённасці ўздымаюцца складаныя экзістэнцыяльныя пытанні. Дзве астатнія п’есы напісаны на XIV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі, якая адбылася летась. "Чаму гэта важна" Юліі Млевы – драматычная гісторыя пад грыфам "18+", у якой жанчыны спрабуюць пераадолець адзіноту. А "Самсон за дзвярыма" Аляксандра Савухі –  абсурдысцкі тэкст пра лася, які пачаў размаўляць. Пасля ўсіх чытанняў гледачоў чакаюць публічныя абмеркаванні, на якіх атрымаецца падыскутаваць з аўтарамі і акцёрамі.

Чакаем усіх жадаючых на Тыдні сучаснай беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя"!

30.06.2026 г.