Упершыню спектакль "Вечар" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі прагучаў для кітайскай аўдыторыі ў снежні, падчас Восеньскага фестывалю і Кітайскага Шанхайскага міжнароднага фестывалю мастацтваў. У той раз ужо было зразумела: сучасная інтэрпрэтацыя п’есы Аляксея Дударава па-сапраўднаму блізкая тэатралам Шанхая. Прызнанне гледачоў, водгукі ад аўдыторыі і арганізатараў паспрыялі другому з'яўленню "размоў ля калодзежа" ў тэатры YОUNG.
Шанхайскія паказы смешнай і лірычнай гісторыі самотных старых, якія прайшлі з 19 па 21 чэрвеня, зноў даказалі: мастацтва не мае межаў. Разам з тым, гастролі РТБД і ЦБД у Кітайскай Народнай Рэспубліцы – гэта мастацкі мост паміж дзвюма ўнікальнымі культурамі, магчымасць паказаць сэрца Беларусі, увасобленае ў тэатры.
Як і на мінулых гастролях тэатра, спектакль “Вечар” атрымаў шматлікія водгукі ад кітайскай аўдыторыі, з якімі немагчыма не падзяліцца.
"Этап жыцця перад вечнай ноччу, апошнія змрокі. Гэта сапраўды вельмі дакладная і вытанчаная перадача сэнсу. Я палюбіў яе з першага прагляду. Я нават знайшоў п’есу і перачытаў увесь тэкст. Таму, калі тэатр YOUNG зноў запрасіў гэтых старэнькіх дзядуль і бабуль, я таксама вырашыў вярнуцца. "Вечар" – гэта не сумная гісторыя. Спакойнае апавяданне, няспешныя дыялогі. Але абодва разы я незразумела чаму рыдаў, як дзіця. Я ўсё думаў: аб чым жа я плачу? На што я гляджу, калі гляджу "Вечар"? Гэта забытая вёска ў далёкай Беларусі, за тысячы кіламетраў. Гэта трое старых, якія прайшлі праз усё і ўступаюць у пару захаду. Але мне здаецца, я ўбачыў у гэтым пытанне, якое кожны шукае ў жыцці. Навошта мы жывём? І як нам жыць? Усё жыццё ў спешцы, але мы пакінулі самае галоўнае – сонца і зямлю. Завязлі ў прыдуманых стандартах, спрачаемся з-за дробязяў. Забываем адчуваць свет, адчуваць жыццё, абапіраючыся на зямлю. Кожны з нас сутыкнецца са старасцю. І тады ўсё, чаго мы так рупліва дабіваліся, – слава і багацце – перастане мець значэнне. У рэшце рэшт, тое, што можа прынесці нам душэўны спакой – гэта толькі любоў, спачуванне і слёзы".
"…Закінутая вёска, знясіленыя твары, разбітыя сэрцы пасля вайны – усё гэта ў ціхім чаканні смерці. Старыя майстры дзейнічаюць з такой грунтоўнасцю і глыбінёй. А форма падачы, наадварот, даволі сучасная. Жывы спеў і музыка на сцэне гучаць цудоўна, і невытлумачальна ствараецца адчуванне, быццам анёлы становяцца сведкамі гісторыі. Сведкі любові і веры. Здаецца, гэта не можа змяніць свет, але менавіта гэта дазваляе людзям працягваць жыць!"
"Прайшло больш за паўгода, а я ўсё гэтак жа бязмежна люблю. У якой драматычнай утопіі можна пераглядаць “Вечар” раз у год? Бо гэта такі цудоўны твор, дзе жорсткасць пераплятаецца з пяшчотай, тонкасць сплятаецца з пустатой, поўна шкадаванняў і страт, але пры гэтым праз усё гэта прабіваецца прыземленая надзея.
Любові замала. Спачування замала. І слёз таксама замала..."
Падчас гастроляў адбылася прэс-канферэнцыя, на якой Святлана Навуменка, Анастасія Васілевічя, Валянцін Салаўёў, Ігар Сідорчык і Ганна Анісенка расказалі пра спектакль "Вечар". Таксама прайшоў майстар-клас "Асновы сцэнічнай мовы і дыхання" ад Святланы Навуменка – дырэктара РТБД і рэжысёра.
РТБД/ЦБД/тэатр YOUNG 19 – 21 чэрвеня
РТБД/ЦБД 1 красавіка
Праект Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі
РТБД/ЦБД 3 чэрвеня