Працягваем знаёміць вас з лабараторнымі тэкстамі. Драматург Алена Іванюшэнка і рэжысёр Дзяніс Фёдараў расказваюць пра п'есу «Шкура».
Алена Іванюшэнка:
П'еса называецца «Шкура». Там дзве дзяўчыны прыдумляюць сцэнарый фільма. З яго дапамогай яны хочуць падзяліцца нечым схаваным усярэдзіне: школьнымі ўспамінамі, слабасцю, болем. Мне хацелася пагаварыць пра айсберг пачуццяў дзяўчат-школьніц. Здаецца, ну пасварыліся, ну памірыліся, ну зрабілі глупства. Пройдзе. Але нешта не атрымоўваецца перарасці, перажыць, загаіць. Нешта можа цягнуцца хвастом гадамі.
Мне вельмі важна спачуванне – п'еса пра гэта. Не пра тое, каб абвінаваціць, заткнуць другога і сказаць яму сваю адзіную праўду, а пра тое, каб пачуць гэтага другога. Адчуць яднанне і ісці далей.
Вопыт лабараторыі для мяне вельмі каштоўны. Дзіўна бачыць « у прамым эфіру» творчы працэс. Цікава, якія тэксты атрымоўваюцца ў кожнага ў выніку. З Дзянісам было цікава і прадукцыйна працаваць. Я вельмі ўдзячна яму за падтрымку і шчырасць. Як і куратару лабараторыі Паше Ар'е. Ён шмат казаў пра матывацыі і работы сэрцам. Гэта дадае сілы.
Дзяніс Фёдараў:
З Аленай працавалася выдатна. Мяне зачапіла тэма п'есы, хаця спачатку яна здалася жаночай. У выніку тэкст атрымаўся даволі жорсткім, у ім шмат нечаканых паваротаў сюжэту. Я нават не чакаў, што такая далікатная і вытанчаная з выгляду дзяўчына возьме такі матэрыял.
На лабараторыі было вельмі крута, для мяне гэта адзін з самых прадуктыўных лабараторных вопытаў. Мы прыйшлі да кансенсусу і працавалі натхнёна, з задавальненнем. Алена прыслухоўвалася да маіх ідэй, а даволі часта драматургі лічаць, што рэжысёр не патрэбен.
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада