З 25 лютага па 3 сакавіка Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі правядуць Тыдзень беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”. На працягу Тыдня гледачоў чакаюць спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні, лекцыі і майстар-класы.
Адчыняе Тыдзень драматургіі тэатралізаванае чытанне арыгінальнага варыянта паэмы “Сымон-музыка” у рэжысуры Алены Зміцер, створанае сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Чытанні адбудуцца на пляцоўцы музея Якуба Коласа.
Падчас Тыдня аматары тэатра і беларускай драматургіі змогуць пабачыць спектаклі “Карней” па творах Уладзіміра Караткевіча, “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава, “Камень дурасці” па п’есе Канстанціна Сцешыка. Акрамя спектаклей можна наведаць новыя і сцэнічныя чытанні п’ес, якія прыйшліся ўжо да спадобы: “Мароз” Канстанціна Сцешыка, “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” Надара Думбадзэ і Гігі Лордкіпанідзэ ў перакладзе Андрэя Макаёнка, “Лондан” Максіма Дасько.
Таксама запланавана і адукацыйная праграма, якая дапаможа лепш зразумець свет драматургіі і тэатра. Адбудуцца лекцыі “Сучасная драматургія: ключ да разгадкі” і “Невядомая драматургія: аблічча беларускай класікі”. Першая – пра новую мову сучасных п’ес, а другая – пра драматургічныя творы вядомых беларускіх літаратараў. Для тых, хто хоча пазнаёміцца з “унутранай кухняй”, падрыхтаваны “круглы стол” “Сакрэты сучаснага тэатра”. Гэта сустрэча з рэжысёрамі, акцёрамі, тэатральнымі мастакамі і драматургамі, якія распавядуць пра тэатральную працу. А ў межах “Майстэрні пісьма” можна будзе стварыць уласны тэкст.
На працягу ўсяго Тыдня ў фае тэатра будзе праходзіць выстава, звязаная з класічнай беларускай драматургіяй.
Запрашаем усіх жадаючых разам з намі ў свет беларускай драматургіі!
Чакаем на Тыдні беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”!
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада