XIII Міжнародная драматургічная лабараторыя.
Новая пара «драматург-рэжысёр»:
Жэня Бачыла – Аляксей Дзямідчык
Пра п'есу
Кодавая назва – «Маша и дед».
Дзяўчына Маша, якая папакутвае ад нерэалізаванасці, спрабуе знайсці сэнс свайго жыцця праз наладжванне асабістага жыцця, але кожнае спатканне заканчваецца татальным расчараваннем. Выпадкова гераіня знаёміцца з васьмідзесяцігадовым мужчынам, з якім у яе пачынаецца любоўная сувязь, пабудаваная на непрыязнасці і заўзятасці. Падчас развіцця адносін дзяўчына канчаткова губляе цягу да жыцця, у выніку чаго становіцца жаночым увасабленнем аморфнага старэння.
Міні-інтэрв'ю з аўтарамі
Распачнём з канца! Вы выбралі незвычайную форму прэзентацыі вашай будучай работы – Telegram-канал, дзе гераіня распавядала сваю гісторыю, дзялілася думкамі, перажываннямі. Як нарадзілася такая ідэя і ці адбудзецца працяг? Альбо гэта быў эксперымент у межах «лабараторных» пошукаў?
Жэня. У гэтым пытанні я ішла і іду за Аляксеем. Гэта яго задума. Я была ўпэўнена, што форма праменад-спектакля дапаможа нам (у прыватнасці мне) зразумець гераіню, «сфармуліраваць» яе. Гэта як адзін са спосабаў пазнаць жыццё Машы. У выніку, ужо пасля, мы сышліся на тым, што калі працягваць развіваць прыдуманую намі гісторыю, то толькі ў рамках той самай формы Telegram-канала. Сам жа сюжэт непрымальны на ўсіх узроўнях успрымання, таму з яго лёгка зрабіць сцэнічную спекуляцыю, дэкараціўку. А фармат групы ў Telegram паможа сфакусіравацца не на вонкавым дзеянні, а на болі, якая прывяла да ўсяго шэрагу падзей. Магчымасць поўнага пагружэння робіць гісторыю больш шчырай.
Лёша. Мне здалося, што створаная на лабараторыі гісторыя настолькі фасматагарычна, што яна не будзе гучаць са сцэны так, як трэба. Усе падзеі варта паднесці як суб'ектыўны погляд галоўнай гераіні на тое, што адбываецца вакол яе. Як быццам дзяўчына распавядае аб сваім жыцці сяброўцы. Я думаю, што гэта гісторыя будзе лепей успрынятая, калі гледачы будуць чытаць яе. Яна нерэальна на сцэне, але можа існаваць у форме перапіскі... Размовы тет-а-тет дазволяць зрабіць гісторыю больш прыватнай.
Жэня. Так, на цябе не паўплывае нічога, акрамя цябе самога. Гэты тэкст – сродак, які дазваляе гледачу праявіць уласную індывідуальнасць.. Шчыра кажучы, ёсць адчуванне, што гісторыю, якая ўзнікла, трэба сур'ёзна перапрацаваць. І ці будзе абгрунтавана форма, калі зменіцца змест...пакуль складана сказаць.
То бок вы незадаволены гісторыяй, што нарадзілася на лабараторыі?
Лёша. Мне здалося, што быў праведзены этап пошуку матэрыялу. Мы знайшлі «прырэзку». Як сцэнографы ствараюць чарговы макет дэкарацый, так і мы выйшлі да матэрыялу. Бо каб стварыць паўнавартасны твор, трэба перарыць вялізарную колькасць крыніц, нават выдумаць іх. Важна, каб п'еса нараджалася не ад недахопу нечага, а ад перанасычанасці. Не высмоктваць. Мы набралі матэрыял, нават атрымалася наблізіцца да формы. Гісторыя не да канца знойдзена, але як першапачатковы варыянт, прымерка, падыход – так!
Жэня. Нам працаваць і працаваць. Калі ты вельмі доўга жывеш з задумай, складана прыняць той факт, што зараз у цябе ёсць чалавек, які глядзіць на твае ідэі свежым позіркам, праз прызму свайго досвіту, асабістых ідэйна-эстэтычных прынцыпаў. Ён можа нешта не разумець, не прымаць твой погляд, але ён хоча дапамагчы. А табе, у сваю чаргу, проста складана абстрагавацца ад унутранага разумення пра што ты хочаш гаварыць. Усё становіцца нейкім абстрактным, таму складана дакладна вызначыць ідэю, тэму, матывы, логіку... па сутнасці, калі вы пераходзіце да работы, ты разумееш, што насамрэч у цябе няма нічога. Але важна ўсвядоміць, што гэта нармальна, асабліва, калі да цябе прыходзіць чалавек, шчыра зацікаўлены ў тым, каб дапамагчы стварыць табе ЦЭЛАСНЫ ТВОР. Нармальна, к4алі ідэя ўвесь час развіваецца, перапрацоўваецца. Яна можа развівацца цыклічна: вусень ператвараецца ў матылька, матылёк у вусеня... і гэтак па кругу. Галоўнае – рух. Затым ты выйдзеш з замкнёнага круга, намацаеш асабісты шлях. Але на першапачатковым этапе цяжка перамагчы сваю закасцянеласць. Трэба вельмі доўга шукаць кропку ад якой адштурхнешся, бо ва ўсёй гэта рабоце не будзе сэнсу. Пакуль гэтай кропкі няма. Ёсць зачатак.
А як вы выбіралі напарніка?
Лёша. Самым істотным для мяне было існаванне ў адной эстэтычнай сістэме, каб супадалі погляды на рэчы, працэс і тэатр. І вельмі хацелася размаўляць не проста пра адно, але і на адной мове. Бо рознае ўспрыманне рэчаў маглі б застопарыць работу. Вядома, хацелася, каб чалавек быў цікавым. Каля няма ўзаемаразумення, то ўсё складана...
Жэня. Я хацела ведаць, што не буду баяцца расказаць пра тое, што сядзіць ўсярэдзіне. А гэта вельмі значна, бо наша будучая п'еса – гэта пераасэнсоўванне, даследаванне ўсяго, што ўва мне сядзіць. З аднаго боку было жаданне цалкам даверыцца чалавеку, не саромеючыся гаварыць, быць шчырай. З другога боку, я не хацела ўспрымаць напарніка як ідала...баючыся ператварыцца ў стэнаграфістку (смяецца)…засумнявацца ў сябе, не пачуць рэжысёра і проста, без эмацыянальнага падключэння, выконваць усё, што ён будзе казаць... Не заўсёды адчуваеш сябе паўнавартасным, каб адстойваць сваё. Падсвядомая ўстаноўка «Чалавек ведае лепей»... Але ўбачыўшы Лёшу, адчула, што мне камфортна яго слухаць, глядзець на яго. Мы яшчэ блізка не былі знаёмы, а ён ужо прымусіў давяраць яму. Мне стала ясна, што мы будзем праяўляцца разам. У дуэце. Не ператвараючы адно аднаго ў рабоў.
Магчыма, яшчэ рана казаць на гэтую тэму, але... Аб чым п'еса «Маша и дед»?
Жэня. Я люблю казаць так: АБ УСІМ. Мы разважаем пра чалавека, на агульны стан якога паўплывае сукупнасць фактараў. Бо тут і пра расчараванні і пра адчуванне непатрэбнасці, і пра няўпэўненасць, і пра адсутнасць адэкватнага стаўлення да сябе, і пра неадпаведнасць узросту... і яшчэ шмат «пра». Усё нараджаецца з унутранай пустэчы, несвядомасці куды далей рухацца. Таму...аб усім, што звязана з чалавекам і яго жыццём. Але перш за ўсё пра неадпаведнасць паміж асобай і наўкольным светам. А ўсё астатняе... Няхай рэжысёр вычляняе галоўную тэму (смяецца).
Лёша. Пра пошукі сябе, мне здаецца. Ва ўсялякім выпадку, я бы хацеў, каб яна была пра пошукі сябе. Не пра супрацьстаянне старасці, а пра пазнанне сябе на розных узроўнях: цялесных, духоўнае, любоўнае, інтэлектуальнае... А ў глабальным сэнсе – пра тое, як трэба жыць.
У чым заключаецца важнасць, унікальнасць лабараторыі, якая адбылася?
Жэня. У людзях, магчымасці пазнаваць, вывучаць іх. Таму камунікацыя з людзьмі – самае каштоўнае, што дае лабараторыя. Людзі настолькі ўнікальны, самабытны, што, самі таго не ведаючы мяняюць цябе. Адбываецца злучэнне чалавечых душ і думак, якое, да таго ж, з'яўляецца часткай працы і вольнага часу. Цалкам, такія фарматы дазваляюць пазнаць самога сябе. Праз стасункі і працу з выдатнымі людзьмі ты вызначаеш свой духоўны і маральны стан на гэты момант, што дапамагае знайсці тэмы, якія цікавяць цябе, праблемы, гісторыі. Лабараторыя дае шанец зразумець самога сябе. Шчыра кажучы, калі яна заканчваецца, ты адчуваеш сябе маленькім дзіцянём, якога кінулі ў мора. Зараз ты павінен ратаваць самога сябе. Вяртаешся ў складаны мір адзіноты. І трэба яшчэ прыкласці намаганні каб сфакусіравацца на тым, што гэтыя пяць дзён тварэння і адносін былі, што нейкім чынам паўплывалі на цябе. Не ўцягнуцца ў сумны настрой ад заканчэння лабараторыі. Ты знаходзіўся ў шчасці, якому не было канца і зараз павінен зрабіць усё магчымае, каб забраць яго з сабой. У сваю штодзённасць. Каб рэсурсы, што былі вынайдзены на лабараторыі, сэнс і пачуцці сталі тваёй часткай, дапамагалі ствараць, пісаць і проста жыць.
Лёша. Можа нарадзіцца новы твор. Так, ён можа і не нарадзіцца, але лабараторыя – гэта магчымасць паспрабаваць стварыць нешта новае. Сама спецыфіка гэтакіх фарматаў дазваляе драматургам выйсці за межы звычайнага круга творчай работы. Паглядзець на сваю задуму вачыма іншага чалавека. Недзе натхняцца, расстройвацца... але ў любым выпадку гэта дапаможа аўтару да нечага прыйсці... Усё не здарма. У рэшце рэшт, лабараторыя – гэта вельмі экалагічны, здаровы творчы працэс. Н быццам дазволіў мне вярнуцца ў студэнцкія гады. Адчуванне, быццам я хадзіў на кругах перароджаная. Вельмі цікава назіраць, як незнаёмыя да гэтага часу людзі згуртоўваюцца, уцягваюцца, ператвараюцца ў сааўтараў. Адсутнасць часу на раскачку дапамагае маментальнаму ўключэнню ў работу, запуску працэсу. Істотна, што існаванне ў скарасным рэжыме не замінае нам усталяваць эмацыянальны кантакт. Усведамленне дакладнага дедлайна ўжо дазваляе табе быць чулым, уважлівым, адчувальным у адносінах да напарніка. Усе ўдзельнікі быццам «аб адным»...розныя, але «аб адным». У глабальным сэнсе кожнага хвалявалі адны і тыя ж пытанні... Сама атмасфера запала ў душу, натхніла мяне.
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада