test

Інтэрв’ю з удзельнікамі ХIII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі: Канстанцін Сцешык, Аляксандр Бародка

Завяршаем знаёмства з удзельнікамі XIII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі.

Канстанцін Сцешык – Аляксандр Бародка

Пра п'есу

Кодавая назва  – «Пра той свет казка».

Сям'я: бацькі ў гадах, трое дарослых дзяцей і ўнук. Сярэдні сын застаецца без работы, малодшая дачка з'язджае. На глебе кватэрнага пытання ўзнікае канфлікт, падчас якога старой маці становіцца дрэнна. Яна памірае. Яе прывід прыходзіць да маленькага ўнука, а потым і да свайго мужа. Пасля гэтай сустрэчы мужчына пачынае актыўна ўдзельнічаць у выхаванні ўнука, спяваць народныя песні, расказваць легенды, казкі, гісторыі. Дзядуля спадзяецца, што такім чынам ён зможа дапамагчы хлопцу знайсці сябе, свой стрыжань...выхаваць такую асобу, якую не змог выхаваць у сваіх дзецях. У фінале мужчына памірае, але пакідае свой след ва ўнуку, які дапамагае родным, што  засталіся на зямлі, асэнсаваць каштоўнасць сваіх каранёў.

Міні-інтэрв'ю з аўтарамі

Размаўляючы з другімі ўдзельнікамі, разумееш, што ва ўсіх розныя па зместу гісторыі пошуку свайго напарніка. Але ў той жа час – падобныя ў сваёй неверагоднасці. А як вы знайшлі адзін аднаго?

Канстанцін. Шчыра кажучы, я не думаў пра тое, па якіх крытэрыях буду выбіраць. Можна сказаць, быў гатовы да ўсяго. Проста вырашыў для сябе, што хачу прыгледзіцца да людзей, а тамака ўжо зразумею, хто для мене цікавы ў якасці сааўтара. Усё атрымалася спантанна, і я рады гэтаму. Вельмі кранулі расповеды Сашы пра фальклор, як ён спяваў з бабулямі... Я зразумеў, што з гэтым чалавекам мы зможам зрабіць цікавую гісторыю. Яшчэ паспрыяла фактура чалавека, яго змест.

Аляксандр. Падобная сітуацыя. Не будаваў ніякіх планаў, ілюзій. Хацеў аднаго – паглядзець на работу драматурга. Гэта ж так цікава. Як кажуць, для рэжысёра найлепшы драматург – гэта памерлы драматург (смяецца). Гэта надае табе творчую свабоду, таму што ты можаш інтэрпрэтаваць п'есу як заўгодна. Аўтар дакладна не даведаецца. А тут жывыя драматургі, нават якія ўжо маюць сваё імя, знакамітыя. Вельмі цікава назіраць за імі і працэсам, у якім ствараецца п'еса.

І якія ўражанні ад назірання засталіся?

Аляксандр. Выдатныя. Мне вельмі спадабалася. Я запазычыў для сябе шмат рэчаў, таму што я таксама пішу. Але пакуль я пішу «для дома», нікуды не выносячы свае тэксты.

Косця, у першыя дні лабараторыі ты казаў, што лічыш за лепшае пісаць сам-насам, таму не да канца ўяўляеш, як будзе выглядаць твая работа з некім ў пары. Як усё адбылося ў выніку?

Канстанцін. Так, насамрэч не люблю працаваць з некім. Хаця, гэта цікавы эксперымент. Цябе ставяць ва ўмовы, калі трэба паглядзець на работу з іншага боку. Але, шчыра кажучы, я прызвычаіўся і люблю працаваць адзін. Выдаваць ужо нейкі гатовы прадукт, з якім людзі робяць усё на свой погляд. Пісаць нешта на замову таксама не вельмі люблю: заўсёды маюся з такой работай. Яна не дае свабоды. Няма прасторы, дзе можна не толькі працаваць, а займацца творчасцю, калі казаць пафасна. А лабараторыя... Гэта, кажучы, было вельмі духапад'емна. У звычайным жыцці мне такога не хапае, таму што я рэдка перасякаюся з людзьмі і яшчэ радзей бываю ў нейкіх кампаніях. Так што было добра. Для мяне гэтыя пяць дзён апынуліся нейкім чынам...  гаючай практыкай: не заціскаюся, а проста плыву па ходу падзей і не ўспрымаю блізка ўсё, што з намі адбываецца. Адбываецца – і добра. Не трэба загружаць сябе думкамі пра нейкі тамака вынік. 

Аляксандр. Мне здаецца, тут важна не ціснуць і не пераходзіць за рысу асабістай прасторы. Трэба ўвесь час шукаць кропку сутыкнення, абмяркоўваць, прапаноўваць, не чакаючы, што твая прапанова будзе абавязкова прынятая. Гэта ж эксперымент. А вынік...ён усё роўна будзе, няважна, адмоўны ці станоўчы. Важна, каб вы апынуліся ў даследаванні.

Мабыць, у гэтым і ёсць сіла лабараторыі...

Канстанцін. Сіла, як кажуць, у праўдзе. Наогул, табе даюць магчымасць адпачыць ад звычайных задач, пераключыцца, не думаючы пра нейкія працоўныя моманты. Гэта дае такі прыліў творчай энергіі. Асабліва, калі не напружваешся. Калі напружвацца, то, вядома, цяжка. Я лічу, што у дадзеным выпадку трэба дазволіць сабе быць у такім стане, у якім ты знаходзішся зараз. Чуць самога сябе і іншых, лавіць нейкі агульны настрой. Адпачываць і адначасова працаваць... творча працаваць.

Аляксандр. На лабараторыі ідзе працэс сатворчасці. Няма жорсткіх межаў, і гэта раскоўвае... Важна, што я сустрэўся з людзьмі, у якіх тэатр вызывае шчырую зацікаўленасць. Ёсць такое слова – «апантаныя». Вось менавіта такія людзі сабраліся на лабараторыі. У такой атмасферы вольнай творчасці могуць нарадзіцца цікавыя, незвычайныя вынікі.

Героі вашай гісторыі звяртаюцца да беларускага фальклору. Як вы прыйшлі да гэтай тэмы?

Канстанцін. Мне здаецца, што без Сашы і лабараторыі нічога бы не адбылася. Я ніколі ў жыцці не працаваў з фальклорам, і не сутыкаўся з людзьмі, якія працавалі б з фальклорам. У мяне была ідэя паспрабаваць нешта напісаць на гістарычную тэму, але гэта трошкі іншае.

Аляксандр. Так-так, усё нараджалася ў працэсе. Я ведаю беларускія народныя песні. Косце гэта тэма здалася цікавай. Вось так усё і сышлося.

Канстанцін. Я, наогул, аддаўся плыні, таму...атрымалася тое, што атрымалася. І я рады гэтаму. Але каб не было лабараторыі, атрымалася б нешта іншае. Альбо не атрымалася. Усё ёсць так, як ёсць, і мяне гэта задавальняе. 

А калі казаць аб ролі фальклору ў вашай п'есе, ён – сродак, каб задумацца пра адносіны паміж людзьмі розных пакаленняў, адзіноце? Альбо народная традыцыйная культура– гэта асноўны элемент усёй гісторыі?

Канстанцін. У нейкім сэнсе фальклор з'яўляецца свайго роду глебай, базіруючым складальнікам. Гэта не проста прыправа да агульнай стравы, а тое, дзеля чаго ўсё і рабілася. Мы знайшлі форму, дакладны спосаб звароту да народнай спадчыны. Для нас нацыянальная культура – гэта не каларыт, а аснова. Пачатак і самой гісторыі, і ўсіх нас.

Аляксандр. Вядома, гэта аснова нашага выхавання, успрымання, ментальнасці, у рэшце рэшт. Фальклор – гэта тое, што робіць нас падобнымі на нас. І важна звярнуцца да такой тэмы менавіта зараз, бо пагроза знікнення вуснай народнай культуры сапраўды ёсць, таму што яе носьбіты не вечныя. Калі фальклор знікне, замены яму не будзе. Вось, напрыклад, зніклі народныя казкі, і што? Што будзе эквівалентам? А нічога. Эквівалент знайсці немагчыма. І нашы дзеці нават не даведаюцца, што і як было да нас. Таму важна фіксаваць творы народнай творчасці зараз, каб было што перадаваць.

А калі разглядаць фальклор, адносіны розных пакаленняў ва ўсёй сукупнасці, то пра  што, у першую чаргу, казка «Пра той свет?».

Аляксандр. Тут ужо драматург будуе кампазіцыю, ну а далей – як пойдзе. Мы напісалі пашыраны сінопсіс, умясцілі ў гісторыю разважанні пра беларускі народны код. Далей – работа драматурга, як ён адчувае. А я ўжо як рэжысёр змагу сам для сябе вылучыць пра што гэта работа.

Канстанцін. Я лічу за лепшае не адказваць на такія пытанні да таго, як напісан тэкст. Таму што гэта абмяжоўвае свабоду перасоўвання падчас работы над п'есай, занявольвае саму прастору тэксту. Мне здаецца, што твор сам скажа, пра што ён, калі будзе скончаны. Таму што, я і сам пакуль не ведаю пра што гэта гісторыя.

Але ужо можна сказаць, што гэта гісторыя пра пошук самаідэнтычнасці? У любым выпадку, у вашых адказах гэта тэма ўжо чытаецца.

Канстанцін. Можна сказаць і так. Але, зноў жа, я не лічу правільным адказваць на такія пытанні – пра што, аб чым і гэтак далей. П'еса, як любая творчая сутнасць, жывая. Яна дзейнічае па свайму уласнаму погляду і жыве так, як ёй хочацца. І ў прынцыпе, дыктаваць нейкія рэчы вельмі складана. Ты можаш хацець напісаць пра адно, а ў выніку атрымаецца пра другое. І так адбываецца заўсёды.

29.12.2023 г.