Варонеж ужо ў сёмы раз збірае ўдзельнікаў з усяго свету на міжнародны Платонаўскі фестываль мастацтваў. У гэтым годзе ўдзельнічалі 17 краін з 4 кантынентаў. Апроч спектакляў драматычных тэатраў, у праграму былі ўключаны выставы, канцэрты, творчыя рэзідэнцыі і адукацыйныя праекты.
Галоўнай падзеяй дадатковай праграмы сталі Дні беларускай драматургіі. Тэатральны крытык Крысціна Матвіенка разам з кіраўніком Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандрам Марчанка выбралі беларускія п'есы 2012-2017 гадоў, якія і былі прадстаўлены ў рамках фестывалю з 9 па 11 чэрвеня. У праграму ўвайшлі тэксты «Синдром Медеи» Юліі Чарняўскай, «Лондон» Максіма Дасько, «С училища» Андрэя Іванова, «Летели качели» Канстанціна Сцешыка, «Москоу Дримин» Віталія Каралёва, «Три дня в аду» Паўла Пражко. Арганізатары запрасілі ў Варонеж некаторых аўтараў – Паўла, Андрэя, Канстанціна. Такім чынам, у гледача была магчымасць непасрэдна ладзіць дыялог з драматургамі падчас абмеркавання п'ес.
Уражаннямі ад сцэнічных чытанняў абменьваецца Аляксандр Марчанка:
«Мне і Крысціне Матвіенка было важным пачуць водгук гледача, таму ў працэсе абмеркавання мы пастараліся аперціся на іх эмоцыі і разважанні, а ў іх, што было вельмі прыемна, недахопу не было.
Не аднойчы ўзнікала гаворка пра інфантылізм. Пра тое, як працэс станаўлення цывілізацыі забівае індывідуальнасць. Пра разуменне, што ў душы сучаснага чалавека, які сутыкаецца з горам другога, нічога не адбываецца, і гэта гора не адгукаецца. Шмат казалі пра эміграцыю і ўнутраную міграцыю да сябе. Аб пекле як сістэме. Пра любоў да людзей і месца, дзе нарадзіўся і жывеш.
У сцэнічных чытаннях бралі ўдзел акцёры з розных тэатраў Варонежа, хаця асноўнай базай стаў Камерны тэатр. Акцёры здзіўлялі сваёй зацікаўленасцю, талентам, і прафесіяналізмам.
Работа рэжысёраў над эскізамі дала магчымасць убачыць, як толькі што прачытаныя тэксты набываюць новыя формы і акцэнты. Рэжысёр Марфа Гарвіц зрабіла з акцёрамі эскіз п'есы «Летели качели» Канстанціна Сцешыка, і ён нейкім незвычайным чынам пракраўся ў маю свядомасць, дзе і застаўся.
Асобнае дзякуй арганізатарам за магчымасць дыялога з аўтарамі: гэта было важна не толькі для іх, але і для гледача. Асабліва актыўна ўдзельнічаў у іх Андрэй Іваноў – дзякуй яму за ўдзел у абмеркаваннях п'ес калег па цэху.
Варонежская публіка, не, дакладней, публіка Платонаўскага фестывалю радавала мяне тым, што разумела і прымала форму сучасных п'ес. Аўтары з Беларусі папулярны, гэта, канешне, лёгка тлумачальна з пункту гледжання тэатразнаўцаў, але ўсё ж такі ўражвае колькасць беларускіх драматургаў, якія прыцягваюць увагу. Гаворачы пра прычыны вялікай колькасці драматургаў у Мінску, згадваліся многія працэсы і персоны, якія ўплывалі на развіццё беларускага тэатра. Сярод іх – Андрэй Карэлін, які адкрыў для Паўла Пражко конкурс «Евразия», Мікалай Халезін і драматургічны конкурс Беларускага Свабоднага тэатра, з'яўленне Цэнтра беларускай драматургіі. І зараз вельмі складана сказаць, у чым сакрэт такога імклівага развіцця сучаснай беларускай драматургіі.
Беларуская драматургія была прадстаўлена ў Варонежы як мастацкая з'ява, якая арганічна пашырыла складаную палітру асноўнай праграмы Платонаўскага фестывалю мастацтваў. Гэта, зразумела, вельмі прыемна».
Артыкул Крысціны Матвіенка пра Дні беларускай драматургіі: http://screenstage.ru/?p=6993
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада