Пакуль удзельнікі VIII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі толькі прыступаюць да напісання п'ес, Арына Карпавіч аналізуе тэксты, напісаныя на VII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі.
VII драматургічная лабараторыя: што атрымалася?
З 19 па 21 красавіка на малой сцэне РТБД былі прэзентаваны п'есы VII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі. Кацярына Чэкатоўская, Алёна Іванюшэнка, Вікторыя Варабей і Аляксей Макейчык распрацоўвалі канцэпцыі сваіх будучых п'ес сумесна з замежнымі рэжысёрамі. Куратарам лабараторыі выступіла Алена Ісаева. Працы атрымаліся эмацыйнымі і вострасацыяльнымі.
У «Апошнім сняданку» (рэж. Ася Якаўлева) Кацярына Чэкатоўская змяшчае герояў у тыповую для постсавецкіх краін сітуацыю. Бацька-алкаголік тэрарызуе жонку і дачку. Маці (Антаніна) трывае збіццё і скандалы дзесяцігоддзямі, але не сыходзіць, таму што няма куды. Аня спрабуе падужаць залежнасць бацькі, але, натуральна, з гэтага нічога не выходзіць.
Паралельна развіваецца гісторыя школьнага педагога-псіхолага Паліны. Яе дзяцінства праходзіла таксама, як і ў Ані – побач з бацькам-алкаголікам. Паліна вырашае, што абавязана дапамагчы дзяўчыне.
«Апошні сняданак» – спроба асэнсавання таго, наколькі моцны ўплыў чалавек з залежнасцю аказвае на сваіх блізкіх. Адзін з галоўных пытанняў п'есы – ці можна кахаць чалавека, які кожны дзень прыносіць табе пакуты, – застаецца без адказу. Проста таму, што адназначнага адказу не можа быць у прынцыпе.
«ПАЛІНА: … Так і буду яго ўсё жыццё памятаць смярдзючым алкашом. Блін, як у цябе так атрымліваецца захаваць светлы вобраз?!
МАША: Не ведаю. Ён хутка памёр. Недзе за год згарэў. У яго быў парок сэрца, не вытрымаў такой нагрузкі ад алкаголю. Я апошні год перад яго смерцю таксама прыгадваю. Але гэта ўсяго толькі год. Шчаслівых гадоў было больш.»
Паліна вырашае атруціць бацьку Ані. Аня не пратэстуе, а нават прапануе варыянты: напрыклад, задушыць бацьку. У яе ёсць вельмі добрая падушка з гусінага пуху.
П'есу «Ты найдёшь Алису под старым снегом» (рэж. Яўгенія Давыдзенка) напісала Алёна Іванюшэнка. «Всё происходит в частном маленьком доме. В нём постоянный ремонт. Нет уюта. Смешение стилей, цветов и фактур. Как будто передумали делать что-то прямо в процессе работы.» У хаце жывуць Аліса, Вера і іх успаміны. Абмежаваная прастора, бясконцы рамонт і сталыя гутаркі пра тое, як было раней, ствараюць цыклічную, вязкаю атмасферу, з якой немагчыма выбрацца.
На працягу ўсёй п'есы героі праламляюцца. Аліса студэнтка, Вера – мачаха (Аліса называе яе «Мама Вера»). Але ў хаце іх ролі змяняюцца. Вера бездапаможная: увесь час забывае, куды і навошта ішла. Яна адчувае, што старэе і вельмі гэтага баіцца.
Часта Аліса збягае ў свет фантазій, таму што ў рэальнасці вакол яе разруха і нявызначанасць. Каб не заблытацца ў светах, Аліса ўсё здымае на відэа. А ў моманты, калі становіцца зусім цяжка, пераглядае іх.
На відэа ёсць Саша – блізкая сяброўка. Яна падарыла Алісе шыншылу. Калісьці даўно паміж дзяўчынамі было моцнае, узаемнае пачуццё, але Саша абарвала ўсе сувязі. Ёсць бацька, які і пабудаваў гэты дом. А потым знік. Памёр ці з'ехаў – у гэтым аўтар не акрэслівае выразных меж.
Гэта апавяданне пра барацьбу Алісы з самой сабой, з абавязкамі, якія ёй навязалі і з хатай, які засмоктвае ў сябе ўсё мацней.
Хто перамагае: хата ці Аліса, кожны вырашае для сябе сам. У сваіх п'есах Алена не абмяжоўвае волю чытача і гледача. «Алиса распахивает окна, эта стена ещё на месте. Слушает шум и треск поездов. Сзади Вера, гости и Саша завтракают глазированными сырками. На обеденном столе красивые свежие цветы. Все они обсуждают планы на ремонт. Планы дорогие и амбициозные. А во дворе цветут вишни. Алиса и не заметила, что уже весна. А ты? Хотя, какая уже разница.»
Вікторыя Варабей у п'есе «Выход» (рэж. Лізавета Машковіч) развівае падзеі хутка. Часам настолькі хутка, што ты нават не паспяваеш усё асэнсаваць.
«Наіўная студэнтка» Яна знаёміцца з Барысам, трыццацігадовым адзінокім мужчынам. Іх першая сустрэча адбываецца не ў рэальнасці, а ў анлайн-гульні. Наогул, у Яны жыццё ідзе як трэба: і хлопец ёсць, і клапатлівы (часам залішне) тата. І быццам бы ўсё добра, але хлопец надае ёй мала ўвагі. Таму дзяўчына збліжаецца з Барысам. На ўзроўні эмоцый, не фізічна. А Барыс абьюзер і псіхапат, таму ўсе гэтыя эмацыйныя блізкасці яму не цікавыя.
Ён шантажыруе Яну. Яна дурніца, таму прыязджае да Барыса дахаты і выпадкова яго забівае. Потым прыязджае бацька Яны і дапамагае пазбавіцца ад трупа. Але Яна не вытрымлівае і здзяйсняе самагубства. І ўсё. П'еса скончылася.
Чытаецца пасыл пра тое, як небяспечна знаходзіцца ў залежнасці ад чалавека. Як важна, каб побач былі людзі, здольныя дапамагчы (не ў сэнсе схаваць труп, а ў сэнсе псіхалагічна дапамагчы), але з-за некаторай недаказанасці і мазаічнасці падзей цяжка ідэнтыфікаваць герояў з сабой і, адпаведна, суперажываць ім.
«Путаницу» (рэж. Міляна Чосіч) напісаў Аляксей Макейчык. Дзяніс – звычайны мужчына сярэдніх гадоў. Пакутуе ад панічных нападаў, якія з'явіліся пасля таго, як ад яго сышла жонка. Ён звяртаецца за дапамогай да псіхолага Марты.
Марта таксама немаладая, але насамрэч яна радавы бухгалтар і толькі прыкідваецца, што працуе псіхолагам. Робіць яна гэта не вельмі прафесійна, таму з часам Дзяніс аб усім здагадваецца. Але, тым не менш, працягвае хадзіць на сеансы. Тут, у прынцыпе, нічога дзіўнага няма. Па-першае, Марта нядрэнны слухач. Па-другое, паміж імі ўзнікае сімпатыя.
Сяк-так, але Марта ўсё ж дакопваецца да праблемы Дзяніса – сталае пачуццё віны перад братам. Потым здараецца канфлікт, дзякуючы якому героі змяняюцца месцамі, і зараз ужо Марта рэфлексуе наконт сябе і свайго жыцця, спадзеючыся на падтрымку Дзяніса. Іх гісторыя скончылася адносна добра, таму што героі вырашаюць з'ехацца і завесці казу.
Макейчык іранізіруе над сваімі героямі, змяшчаючы іх у абсурдныя сітуацыі, але пры гэтым усё ж закладвае важную думку: «…хочешь злись, хочешь, не злись, но я только себе должен. И это не проявление эгоизма, а здравый смысл. Я хочу быть счастливым человеком, хочу жить так, как мне хочется. Вот это я себе должен. А все остальные долги делают меня несчастным».
Фотасправаздача:
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада