test

Тыдзень беларускай драматургіі "Рэтраспектыва"

З 1 па 6 красавіка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца Тыдзень беларускай драматургіі “Рэтраспектыва”. На працягу Тыдня гледачоў чакаюць спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні, лекцыі і майстар-класы.

Адкрывае Тыдзень драматургіі прэм’ерны спектакль “МАЙ ХОМЛЭНД” Цэнтра беларускай драматургіі. Гісторыя пра сантэхніка Гену становіцца аповедам пра радзіму і сваё месца, якое шукае кожны.

Падчас Тыдня аматары тэатра і беларускай драматургіі таксама змогуць пабачыць  спектаклі “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава і “Заручыны” паводле п’ес пачатку XX стагоддзя “Як яны жаніліся” Аляксандра Валодзьскага і “Пярэстая красуля” Аляксандра Чужыніна. Акрамя спектакляў адбудуцца сцэнічныя чытанні, аб’яднаныя праектам “Рэтраспектыва”, які дазваляе пазнаёміцца з п’есамі 1990-х, 2000-х і 2010-х гадоў. Драматургі заўсёды прапаноўваюць актуальныя для свайго часу праблематыку, герояў і формы тэкстаў. Экспрэс-рэтраспектыва дазваляе ўбачыць як адрозненні, так і падабенства тэкстаў розных гадоў – са сцэны прагучаць п’есы “Гісторыі дзіўнага свету” Алены Паповай, “Сталіца Эраўнд” Сяргея Гіргеля і “…І лісце вернецца да каранёў” Аляксандра Савухі. Перад сцэнічным чытаннем па п’есе “Сталіца Эраўнд” адбудзецца літаратурны клуб, прысвечаны п’есе.

Адукацыйная праграма ў межах Тыдня дапаможа лепш зразумець свет драматургіі і тэатра. Адбудуцца лекцыі “Драматургічныя гісторыі РТБД” і “П’еса як канструктар”. Першая – пра п’есы, з якіх пачыналася гісторыя РТБД, а другая – пра элементы, з якіх складаецца драматургія. Для тых, хто хоча пазнаёміцца з “унутранай кухняй” і паспрабаваць сябе як тэатральнага творцу, падрыхтаваны дзве майстэрні –  “Майстэрня спектакля” і “Майстэрня пісьма”. Падчас першай майстэрні ў удзельнікаў будзе магчымасць зразумець, як ствараецца спектакль і папрацаваць з маладым рэжысёрам. А ў межах майстэрні пісьма можна будзе стварыць уласны тэкст.

Запрашаем усіх жадаючых разам з намі ў свет беларускай драматургіі.

25.03.2025 г.
Майстэрня пісьма

РТБД/ЦБД 6 красавіка

Майстэрня спектакля

РТБД/ЦБД 5 красавіка

Лекцыя "П'еса як канструктар"

РТБД/ЦБД 4 красавіка