У рамках праекта “Я бачу цябе!”
“Экстэрмінацыя” – гісторыя пра пошук веры ў лепшае і Вялікую харальную сінагогу ў Гродна. Гераіня сочыць за турыстамі і наведвальнікамі сінагогі, жартуе і асэнсоўвае жыццё чалавецтва. Падчас яе разважанняў становіцца зразумела, наколькі мы розныя і пры гэтым аднолькавыя.
Жанр: вандроўка ў сябе
Працягласць: 1 г. без антракту
Мова: беларуская
16+
П’еса “Экстэрмінацыя” чыталася ў рамках фестывалю “Балтыйскі дом” (Санкт-Пецярбург), адзначана на конкурсе “Другая дзея” (Мінск).
Ксенія Шталянкова – доктар філасофскіх навук, пісьменніца, драматург, сацыёлаг, удзельніца праектаў па развіццю інклюзіўнага грамадства ў Беларусі. Аўтар дэтэктыўнага рамана “Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах”, трылогіі “Адваротны бок люстра”, п’ес “Memoria Nominis Clara”, “Проставельміскладана”, “Экстэрмінацыя”. Фіналіст драматургічных конкурсаў “Badenweiler” і “Другая дзея”.
Сцэнічнае чытанне п’есы “Экстэрмінацыя” Ксеніі Шталянковай і выстава “Мая асаблівая душа” Веранікі Мігун адбудуцца ў рамках праекта “Я бачу цябе!”, які праходзіць у падтрымку людзей з захворваннем “спінальная цягліцавая атрафія”.
“Я бачу цябе!” – значыць не проста гляджу, але чую, разумею і прымаю іншага такім, якім ён нарадзіўся ў свеце. У Беларусі 54 дарослых і 96 дзяцей маюць спінальную цягліцавую атрафію. Людзі з гэтым рэдкім захворваннем, нягледзячы на сваю хваробу, здольныя жыць цікавым жыццём, атрымліваць адукацыю, працаваць, ствараць мастацкія творы.
Удзельнікамі спецыяльнага праекта Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Цэнтра беларускай драматургіі і Беларускага саюза жанчын сталі творцы са спінальнай цягліцавай атрафіяй: драматург Ксенія Шталянкова і мастачка Вераніка Мігун. Асабісты свет кожнай дзяўчыны – самабытны і яркі, свет, які варта разглядзець ва ўсёй яго прыгажосці, каб праз яго ўбачыць іншага і прамовіць: “Я бачу цябе!”.
Вераніка Мігун – мастачка, вандроўніца, займаецца ў мастацкай студыі “Крэатыў” пад кіраўніцтвам Аляксандры Малаевай. Выстаўляла свае карціны ў родным горадзе Светлагорск, а таксама ў Жлобіне, дзе атрымлівала ўзнагароды, прызнанне журы і была адзначана як лепшая мастачка ў сваім аддзяленні. З нядаўняга часу пачала маляваць алеем, што таксама было адзначана журы дыпломам 2 ступені на выставе ў Светлагорску.
Вераніка Мігун: “Хаця на праекце “Я бачу цябе!” будзе выстаўлена ўсяго толькі частка маіх работ – гэта ўжо перамога асабіста для мяне. Сваімі карцінамі я хацела б паказаць, што мастацтва, у тым ліку маляванне, даступна ўсім».
Партнёр праекта – грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”.
Квіткі: https://rtbd.by/spectacles/eksterminacyya/
РТБД/ЦБД 19 снежня
РТБД/ЦБД 15 студзеня
РТБД/ЦБД 28 лістапада