test

Аляксандр Бугроў і Ірына Цішкевіч пра новую п'есу

Драматург Аляксандр Бугроў і рэжысёр Ірына Цішкевіч расказваюць пра сваю новую лабараторную п'есу «Эрзац».

Аляксандр Бугроў:

«Эрзац» – гэта чорная камедыя пра турму на востраве сярод Белага мора. Па дакументах, людзей з турмы даўно павінны былі выселіць, а ў старым будынку адкрыць тэматычны гатэль для мільянераў. Але грошы, як звычайна, пакралі, а пра турыстычны праект забыліся, пакуль... Пакуль на востраў не сабралася прыехаць праверка. Зараз, у скраўшых грошы чыноўнікаў, ёсць роўна тыдзень на тое, каб ператварыць ахоўнікаў у сцюардаў, зэкаў – у пастаяльцаў, а турму – у гатэль... Інакш, яны самі апынуцца за кратамі.

Гэта гісторыя пра наша жыццё, Пра белага паўночнага ліса, якога называюць «пі...». Ну, ці «Эрзац», калі людзі культурныя.

Лепшае, што было на драматургічнай лабараторыі – гэта работа сам-насам з рэжысёрам. Мы з Ірынай абсалютна супалі ў паразуменні таго, што мы хочам на «выхадзе». А далей заставалася пасаваць адно аднаму думкі , абкатваючы кожную да ідэальнага стану».

Ірына Цішкевіч:

«Карацей, травень 2017 быў круты! Знаёмства, мазгавы штурм у працэсе пошуку ідэй, стварэнне п'ес, прырода, людзі...

Лабараторыя апынулася вельмі карыснай для мяне як для рэжысёра. Вось, напрыклад, калі ты ясі торт, то зусім не думаеш на якіх палях расла пшаніца і хто вынайшаў фарбавальнік для крэмавых кветак... Ты толькі яго ясі і атрымоўваеш асалоду. П'еса заўсёды была для мяне такім тортам. Я вельмі туманна ўяўляла сабе, як працуе драматург. Таму, калі прыехала на лабараторыю, то зачапілася за фразу Сашы: нібы, хачу напісаць п'есу пра чалавека, які апынуўшыся ў турме перарабляе яе ў гатэль. Гэта мне здалося цікавым, а далей пачалася работа...

 Што павінна адбыцца? Якія падзеі і персанажы? Не хочацца паказваць усе карты, тым больш магчымы карэкціроўкі. Тым не менш, на лабараторыі мы акрэслілі сюжэт, прыдумалі дзеючых асоб. Галоўны герой Эрзац пападае ў турму на востраве, дзе па факту даўно павінен быць гатэль. Яга тамака няма, ды да таго ж у турму (якая павінна стаць гатэлем) едзе праверка. Кіраўнік турмы з асабістай справы Эрзаца даведваецца, што толькі той можа яму дапамагчы. І Эрзац у абмен на волю пачынае перабудаванне.

У тэксце ёсць яшчэ Сенсэй, Медсястра, Малыш... Камедыя чорная, там будзе многа дзіўных персанажаў, я, нават сказала, мыльнааперэтачных выкрутасаў сюжэта, а таксама многа крыві. Але тэкст вельмі жыццесцвярджальны, ён аб мары, пра давер да жыцця і харакіры. (Усміхаецца). Неяк так павінна атрымацца».

 

* Вясною 2017 года адбылася VI Драматургічная лабараторыя Цэнтра беларускай драматургіі. Шэсць драматургаў і шэсць рэжысёраў, сфарміраваўшы пары, на працягу некалькі дзён распрацоўвалі канцэпцыі будучых п'ес. Тэксты будуць гатовыя ў кастрычніку і напрыканцы восені ў Цэнтры беларускай драматургіі адбудуцца чытанні новых п'ес. Сачыце за навінамі!

19.09.2017 г.